Часта можна пачуць як па-беларуску кажуць фразы накшталт "давайце сьпяваць", "давайце пойдзем", "давай купім", "пайшлі", "пагналі" і гд. Але ж нават у афіцыйным стандарце мовы слова "давайце" й мінулы час дзеясловаў не ўтвараюць загаднага ладу. Як тады казаць, калі трэба запрапанаваць або загадаць нешта?
❌ давай(це) пойдзем, пайшлі(це) ✅ хадзем(це), ходзьма, гайда́
❌ давайце сьпяваць ✅ сьпявайма, сьпяваем, засьпяваем
❌ давай(це) я пакажу ✅ дазволь(це) я пакажу, магу паказаць
❌ давай(це) дапамагу ✅ дазволь(це) дапамагчы, магу дапамагчы
❌ пабяжалі туды ✅ пабяжым туды, пабяжыма туды
❌ пагналі ✅ ідзем, хадзем, едзьма, рушайма, бяжым, бяжыма
❌ давай адрэжам ✅ адрэжма, адрэжам
❌ ну, давай (пачынай) ✅ хадзі
❌ давай жа (анґ. come on) ✅ ну + дзеяс. у заг. ладзе
❌ давай, адказвай ✅ ну, адказвай
❌ давай(це) не ругаться ✅ ня сварымся
❌ давайце казаць правільна ✅ кажам правільна, кажы́ма правільна
❌ давайце працаваць разам ✅ працуйма разам, прапаную працаваць разам
❌ давайце тады пачакаем разам ✅ то пачакайма разам
❌ галасуем! ✅ галасуйма!
❌ давай гуляць. Давай ✅ Хадзем гуляць. Хадзем
Таксама часам дзеясловы ўтвараюць загадны лад з дапамогай адмены канчатку:
Абвесны лад: сьцеражаце́, аддаяце́, несяце́, носіце; нясём, бяром, жывём
Загадны лад: сьцеражы́це, аддавайце, нясіце, насіце; нясем, бярэм, жывем
Адсюль:
рас. мы несём корзинки (абвесны лад)
❌ мы нясем кошыкі
✅ мы нясём кошыкі
рас. давайте нести корзинки, понесли же корзинки (загадны лад)
❌ давайце несьці кошыкі, паняслі жа кошыкі
✅ нясем кошыкі, панясем жа кошыкі
рас. мы живём в иллюзии собственного воображения (абвесны лад)
❌ мы жывем у ілюзіі ўласнага ўявеньня
✅ мы жывём у ілюзіі ўласнага ўявеньня
рас. давайте жить дружно (загадны лад)
❌ давайце жыць дружна
✅ жывем дружна