Слова "казаць" надае ўвагу перадачы інфармацыі й выказу думак, між тым як "гаварыць" падкрэсьлівае сам працэс, тое як ён выглядае й гучыць, яго маляўнічасьць.

Сынонімам да "казаць" ёсьць "паведамляць" (анґ. say, tell).
Сынонімамі да "гаварыць" ёсьць "размаўляць" і "гутарыць" (анґ. speak, talk).

У расейскае мове слова "казаць" захавалася толькі ў закончаным трываньні ("сказать"), а ў незакончаным адмянілася там на "говорить", таму пры перакладзе зь яе на беларускую, дзе такога не адбылося, могуць паўставаць сэнсавыя калькі.

Прыклады:

рас. говори мне только правду (агулам, не цяпер) - кажы мне толькі праўду. Тут мова йдзе толькі аб перадачы інфармацыі, тут няма сапраўднае размовы, якую можна было б уявіць

рас. он говорил очень тихо, чтобы его никто не услышал - ён гаварыў вельмі ціха, каб яго ніхто не пачуў. Тут увага надаецца самому стылю мовы, а не перадачы інфармацыі

рас. в книге говорится о - у кнізе кажацца аб. Тут слова "кажацца" частае адмяняецца на "гаворыцца" праз тое, што слова "кажется" мае зусім іншы сэнс у расейскае мове й бянтэжыць расейскамоўных людзей. Але ж кніга можа толькі паведамляць (казаць), яна ня мае эмоцый і ня можа размаўляць. Правільны сказ з "гаворыцца" можа гучаць так: "на гэтае канфэрэнцыі гаворыцца аб важнасьці захаваньня чысьціні біясфэры плянэты" (значыць, людзі там "гавораць" аб гэтым)

рас. договаривай до конца - даказвай да канца. Cлова "даказваць" тут часта непатрэбна адмяняецца на "дагаворваць" з тое прычыны, што ў слова "даказваць" у афіцыйнае норме ёсьць таксама значаньне "даводзіць". Але нават у афіцыйных слоўніках значаньне "казаць да канца" у слова "даказваць" пазначанае першым