Хоць і правілы ўтварэньня ступеняў параўнаньня дакладна вызначаныя ў афіцыйнае норме мовы, у найвышэйшае ступені прыметнікаў людзі дагэтуль робяць памылкі пад уплывам расейскае мовы. Борзда згадайма правілы:
Вышэйшая ступень. Ужываецца, калі трэба параўнаць 2 рэчы ці зьявы між сабою.
Гэты дзень цяплейшы за ўчорашні. Твая заўвага болей слушная, ніж ягоная. Гэта кампутар мацнейшы, ніж твой. Лепей рабіць так, а ня гэтак.
Найвышэйшая ступень. Ужываецца, калі з рэшты трэба вылучыць адную рэч ці зьяву.
Найлепшы дзень. Самая лепшая (найлепшая) падзея. Сама хутка (найхутчэй) туды ляцець на самалёце. Найлепей (лепей за ўсё) рабіць так.
рас. это лучший день в моей жизни
❌ гэта лепшы дзень у маім жыцьці
✅ гэта найлепшы дзень у маім жыцьці
рас. высшая точка Беларуси
❌ вышэйшая кропка Беларусі
✅ найвышэйшы пункт Беларусі
рас. мой лучший друг
❌ мой лепшы прыяцель
✅ мой найлепшы прыяцель
рас. ты лучший
❌ ты лепшы
✅ ты найлепшы
рас. чистейшее враньне
❌ чысьцейшае трапеньне (тар. трапленьне)
✅ найчысьцейшае трапеньне, чыстае трапеньне (тар. трапленьне)
У іншых славянскіх мовах мадэль адпавядае беларускай (акрамя расейскае, дзе найвышэйшая ступень можа ўтварацца, як вышэйшая). Простая падказка: калі можна сказаць "самы", тады гэта найвышэйшая ступень, а не вышэйшая.
Утварэньне на ўзор "найхуткі", "найвысокі" ёсьць хібным.