Прыназоўнік "па" ў беларускае азначае:

1. Уздоўж, над. Ісьці па дарозе, сьцежцы
2. Пасьля. Па закончаньні (тар. заканчэньні) вайны
3. Прыназоўнік мэты. Іду ў лес па грыбы. Іду да крамы па куплі ("за куплямі" азначае, што куплі ўцякаюць і чалавек за імі йдзе альбо яны правадыр)
4. І ў некаторых іншых выпадках, напрыклад, "тужыць, сумаваць па кімсь" і гд.

У бальшыні іншых выпадкаў гэты прыназоўнік ёсьць калькай з расійскае мовы (дзе ён ёсьць калькай з царкоўна-славянскае мовы). Найболей часта калька "па" ўжываецца ў значаньні "(па)водле, у адпаведнасьці з, згодна з", напрыклад:

рас. по его словам:
❌ па яго словах
✅ паводле яго слоў

рас. по правилам
❌ па правілах
✅ (па)водле правіл

рас. фильтр по тегам
❌ фільтар па тэґах
✅ фільтар водле тэґаў

рас. по возрастанию
❌ па ўзрастаньні
✅ водле ўзрастаньня

рас. судить по первому впечатлению
❌ судзіць па першаму ўражаньню
✅ судзіць (па)водле першага ўражаньня

рас. по принципам термодинамики
❌ па прынцыпах тэрмадынамікі
✅ (па)водле прынцыпаў тэрмадынамікі

💡 "водле" ёсьць проста скарачонай формай слова "паводле". Ужывалася яшчэ зы старабеларускае мовы (разам з формамі "вэдлуґ, вэдле" ) й ёсьць у іншых славянскіх мовах.
💡 падобнае слова "подле" азначае "каля", напрыклад, "подле дома".

Але ёсьць яшчэ многа выпадкаў калькаваньня прыназоўніка "па". Вось некаторыя зь іх:

рас. по принуждению - з прымусу, прымусова
рас. по причине, по случаю - з прычыны, з нагоды
рас. по какой причине - зь якое прычыны
рас. по той же причине - з тае самае прычыны

рас. причина, по которой - прычына, праз каторую

рас. учебник по белорусскому языку, лекция по истории - падручнік беларускае мовы, лекцыя гісторыі
рас. по вкусу - смакам (рас. напоминает по вкусу - нагадвае смакам)
(але) рас. добавлять по вкусу - дадаваць да смаку, дадаваць на смак

рас. нравится по - падабаецца (чым) (рас. товар не понравился по цене - тавар не спадабаўся цаной)
рас. читать, писать по слогам - чытаць, пісаць складамі
рас. известен по своей роли - ведамы сваёй рольлю
рас. по размеру, площади - памерам, плошчай (рас. больший по размеру - большы памерам)
рас. взимание по частям - спагнаньне часткамі (ратамі)
рас. сам по себе - сам сабой; сам-адзін

рас. какой он по площади? - якое ён плошчы? Якую ён мае плошчу?

рас. вопрос по - пытаньне пра
рас. по вопросу - з пытаньнем, наконт пытаньня, у пытаньні
рас. по вопросам - з пытаньнямі (рас. по этим вопросам обращаться к нему - з гэтымі пытаньнямі зьвяртайцеся да яго), у пытаньнях (рас. специалист по вопросам безопасности - спэцыяліст у пытаньнях бясьпекі, рас. мы сотрудничаем по вопросам экологии - мы супрацуем у пытаньнях экалёґіі)
рас. работать по 2 смены подряд - працаваць у 2 зьмены за́пар, працаваць 2 зьмены запар
рас. по наследству - у спадчыну

рас. уточнять по - удакладняць (высьвятляць) пра, наконт

рас. по теме - на тэму
рас. по мнению - на думку
рас. по запросу - на запыт (рас. по вашему запросу нашлось - на ваш запыт знайшлося)
рас. по имени, фамилии - на імя, прозьвішча (рас. кто ты по имени - хто ты на імя), імём, прозьвішчам (рас. называть по имени - называць імём), пайменна (рас. вызывать по имени - выклікаць пайменна)
рас. по просьбе - на просьбу
рас. по адресу - на адрасе (рас. проживает по адресу - мяшкае на адрасе, рас. отправить по адресу - адаслаць на адрас)
рас. по примеру - на ўзор, на прыклад
рас. по очереди - на зьмену, водле чаргі

рас. по совести - сумленна
рас. па праўдзе кажучы - шчыра, праўдзіва кажучы
рас. по факту - фактычна, у рэчаіснасьці

рас. по возможности - пры магчымасьці, калі (як) магчыма (рас. сделай это по возможности - зрабі гэта, як мажлівасьць будзе, зрабі гэта калі зможаш)

рас. по мне - для мяне (рас. как по мне очень неплохо получилось - як для мяне вельмі няблага выйшла)
рас. по приколу - для жарту
рас. приложение по поиску лекарств - аплікацыя для пошуку лекаў

рас. по акции - на акцыі (рас. сейчас товар по акции - цяпер тавар на акцыі), з акцыяй (рас. приобрести по акции - набыць з акцыяй)
рас. по скидке - зы зьніжкай

рас. по цене - за цану (рас. по выгодным ценам - за выгадныя цэны)

рас. оценка по математике - ацэнка за матэматыку

рас. поиск по словам - пошук у словах
рас. по понедельникам, праздникам и тд. - у панядзелкі, у сьвяты, панядзелкамі, сьвятамі (рас. по воскресеньям мы едем на дачу - у нядзелю, нядзелямі мы едзем на лецішча)
рас. смотреть по телевизору - глядзець у тэлевізары
рас. отправить по домам - адаслаць у дамы, адаслаць дадому

рас. искать по запросу, слову - шукаць з запытам, словам
рас. помощник по - памочнік з (рас. помощник по математике - памочнік з матэматыкай, матэматычны памочнік)

рас. по природе - ад прыроды, прыродай, з прыроды

рас. по ссылке - праз спасылку (рас. перейти по ссылке - перайсьці праз спасылку)
рас. по телефону, почте, сети - праз тэлефон, пошту, сетку (рас. спрашивайте по телефону - пытайце праз тэлефон, рас. играть по сети - гуляць праз сетку)

рас. уроки по математике - заняткі матэматыкі
рас. министерство по налогам - міністэрства падаткаў

рас. что задали по математике - што задалі з матэматыкі
рас. по соглашению сторон - зы (тар. са) згоды бакоў
рас. по привычке - зы (тар. са) звычкі

рас. статья по бел. языку - артыкул пра бел. мову
рас. информация по проекту - інфармацыя пра праект

рас. с 1-ого по 21-ое (число) - ад 1-ага да 21-га (дня)

рас. отличаться по значениям - адрозьнівацца значаньнямі, адрозьнівацца ў значаньнях
рас. отличаться по призаку - адрозьнівацца азнакай

рас. по памяти - з памяці (рас. рассказать по памяти - расказаць з памяці)

рас. по ошибке - памылкова

рас. по белку выигрывают орехи - у бялку выйграюць арэхі, з погляду бялкоў выйграюць арэхі

рас. ему по боку все - яму ўсё аб бок, ён ні на што не зважае

Нелітаральныя пераклады:

рас. получить по заслугам - дастаць за заслугі

рас. по идее - тэарытычна, хіба

рас. по себе знаю - ведаю з уласнага досьведу

рас. по желанию - калі ёсьць ахвота, калі хочаш; неабавязковы; на жаданьне, з жаданьня, на выбар

рас. что по ценам? - што наконт цэн? якія цэны?
рас. что у нас дома по продуктам? - што ў нас дома з прадуктамі?

рас. что по части... - што да... Што наконт...
рас. это по твоей части - гэта твая справа

рас. по жизни - заўсёды

рас. не по себе - дрэнна, пагана

рас. по меркам - паводле стандартаў

Іншыя: спасылка