Гэты слоўнік зьмяшчае пераклады слоў з афіцыйнае нормы беларускае мовы на жывую мову, без няўдалых наватвораў, недарэчных калек, барбарызмаў і памылак словаўтварэньня. Зьмест ґрунтуецца на падставе досьледу шэрагу слоўнікаў, сярод каторых вылучаюцца: слоўнік Івана Насовіча, слоўнік Байкова-Некрашэвіча, слоўнік Яна Станкевіча, этымаляґічны слоўнік беларускае мовы. Ён рэдка зьмяшчае калькі, каторых няма нават у афіцыйнае норме, напрыклад, "прамое следства" (беспасярэдні, наўпроставы вынік, наступства; слова "следства" там мае толькі юрыдычнае значаньне) або "прадастаўляць". Таксама нячаста тут будуць рэдка ўжываныя (ці царкоўна-славянскія) словы накшталт "кашчунства".
Пераважная большасьць слоў тут ёсьць сэнсавымі (сэмантычнымі), лексычнымі й простымі калькамі з расейскае мовы. Сэнсавая калька ёсьць тое слова (ці выраз), каторае, хоць і йснуе ў беларускае мове, але ў гэтым канкрэтным значаньні ёсьць памылкай, напрыклад: рас. перевести слово - перавесьці слова (перакласьці слова), рас. отпустить шутку - адпусьціць жарт (кінуць жарт), рас. круг общения - круг камунікацыі (кола камунікацыі), рас. считать (мець меркаваньне) - лічыць (уважаць), рас. хватать (быць дастатковым) - хапаць (ставаць) і гд. Лексычныя калькі ёсьць ненатуральныя для беларускае мовы словы, нават калі яны й утвароныя ад спрадвечна беларускіх слоў: рас. сделка - зробка (угода; пагадненьне), рас. подвиг - порух (вычын), рас. нетронутый - некрануты (нярушаны), рас. прикол - прышпіл (жарт, досьціп), анґ. outstanding - выстойлівы (выдатны, выбітны) й гд. Простыя калькі ёсьць словы, што цалком скапіяваліся зь іншае мовы: небаскроб, пацан, прыкол, рабяты.
Карыстацца слоўнікам надзвычай проста. Словы найчасьцей пазначаюцца ў іх простае форме (незакончанае трываньне, мужчынскі род, адзіночны лік). Калі ў слоўніку ёсьць прыметнік, напрыклад, "вопытны", то не заўсёды дублюецца прыслоўе ("вопытна"). Тое самае датычыць і іншых часьцін мовы, але гэта зраўноўваецца зручным пошукам. Калі вы хочаце, да прыкладу, знайсьці словы "абвяргаць", "звяргаць" і "вывяргаць" адначасова, то можаце зрабіць пошук з запытам "вярг".
Слоўнік ня мае на мэце нічога, акрамя падачы інфармацыі, што ён падае. Як яе ўжываць (ці не ўжываць) цалком ляжыць на чытачы. Гэта адмысловая моўназнаўчая праца, прысьвечаная жывой мове. Правапіс у слоўніку ўжыты аўтарскі, але ён як мага болей набліжаны да клясычнага. Нават калі вы карыстаецеся афіцыйным стандартам мовы, вы можаце ўжываць яго як слоўнік сынонімаў, балазе большасьць слоў тут ёсьць звычайнымі літаратурнымі словамі (калі не пазначаецца адваротнае).
Усё, што ёсьць на сайце (і сам сайт) ёсьць плёнам адзінага чалавека й не бралася з пабочных крыніц (маючы на ўвазе наўпрост; ведама, што для досьледу ўжываліся разнародныя крыніцы).
Калі вы маеце прапановы, заўвагі ці хочаце нешта дадаць у слоўнік, гэта можна зрабіць праз форму "Напісаць творцу" у самым канцы сайта. Таксама там можна напісаць, калі хочаце заахвяраваць грошы на праект або запрасіць адказ на сваё пытаньне датычна беларускае мовы (можа апублікавацца ў блёґу, калі аўтар пытаньня ня проці).
Дзякую за ўвагу й буду ўдзячны, калі падзеліцеся рэсурсам зь іншымі! Таксама не забывайце пакідаць падабайкі, дзе вам падабаецца.
«Мова гэта трэнажэр для мозга. Паводле досьледаў, вывучэньне новае мовы спрыяе амаладжэньню мозга й павелічэньню IQ. А калі мова родная, дык гэта шчэ абуджае ДНК продкаў»
Ці памятаеце ролікі накшталт "як бы гучала мова X, калі бы яна была літаральным перакладам мовы Y"? Вось сама так і гучыць афіцыйная беларуская мова, бо яна амаль цалком ёсьць перакладам з расійскай.